Работа с педагогами © Ясли-сад №215 г. Минска

 

РусскийБеларускi

 

УПРАВЛЕНИЕ ОБРАЗОВАНИЯ АДМИНИСТРАЦИИ ПЕРВОМАЙСКОГО РАЙОНА

Государственное учреждение образования
"Ясли-сад №215 г. Минска"

 

Работа с педагогами


Бедны той, хто не мае скарбаў вечных   – скарбаў душы.

Такі скарб, які ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, -

гэта любоў да Бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы...
                  

Цётка

Паважаныя калегі! Прызначэнне гэтага матэрыялу - дапамагчы выхавальнікам планаваць і ажыццяўляць работу па навучанню дашкольнікаў роднай беларускай мове. Вашай увазе прапаноўваюцца заняткі, метадычныя падказкі, гульні па развіццю мовы старэйшых дашкольнікаў, якія можна выкарыстоўваць як на спецыяльна арганізаваных занятках, так і ў іншых відах дзіцячай дзейнасці.

 

Картатэка гульняў па развіццю маўлення

подробнее.../свернуть

Картатэка гульняў па развіццю маўлення

«Адгадай, чыя цацка?»

 

Мэта: вучыць утвараць прынадлежныя прыметнікі.

Змест. Выхавацель у якасці вядучага хавае за спіной машынку, пытаецца, у якой руцэ цацка. Нехта з дзяцей адказвае. Тады выхавацель пытаецца: «Алёша адгадаў. Чыя цяпер машынка?». (Алёшава.)Алёша атрымлівае цацку і становіцца вядучым. Гульня працягваецца

«Хто першы пазнае?»

 

Мэта: актыўна распазнаваць новыя словы.

Змест. Выхавацель апісвае новае слова. Задача дзяцей — хутчэй pacпазнаць гэты прадмет ці з’яву і знайсці яго на малюнку

«Чые рэчы?»

Мэта: вучыць утвараць прыналежныя прыметнікі.

Змест. Дзеці дастаюць розныя прадметы або цацкі з «цудоўнага мяшочка». Выхавацель за кожным разам зазначае: «Саша выцягнуў машынку. Чыя цяпер машынка?» (Сашава.) «Валодзя выцягнуў кубачак. Чый кубачак?».

(Валодзяў.)I г. д.

«Што маміна, а шта татава?»

Мэта: вучыць утвараць прыналежныя прыметнікі.

Змест. Выхавацель паказвае дзецям карцінкі (сукенка, акуляры, штаны, капялюш і інш.). Дзеці называюць: «Сукенка — маміна...» і г. д.

«Пачастуем ляльку»

Мэта: актыўна распазнаваць новыя словы па тэме: «Посуд».

Змест. Выхавацель аб'яўляе дзецям, што лялькі Алеся і Оля збіраюцца сустракаць гасцей. Трэба дапамагчы ім расставіць посуд. Віця ставіць талерачкi, Таня раскладвае лыжкі і відэльцы, Дзіма ставіць цукарніцу і г. д. Дзеці па аднаму выконваюць зададзеныя дзеянні, знаходзячы названыя прадметы посуду, напрыклад, у буфеце.

«Магазін цацак»

Мэта: актыўна распазнаваць но­выя словы.

Змест. Выхавацель апісвае новую цацку. Задача дзяцей — хутчэй распазнаць яе і знайсці на «прылаўку магазіна»

«Які твой голас?»

Мэта: пашыраць і замацоўваць пасіўны слоўнікавы запас па тэме: «Хатнія жывёлы».

Змест. Дзеці размяркоўваюць паміж сабой ролі хатніх жывёл. У адпаведнасці з роллю вымаўляюць гукаперайманнi(«мяў», «гаў», «му» і г. д.), пры гэтым кожны раз зазначаючы: «Я мяўкаю», «Я гаўкаю», «Я выю» і г. д.

«Што надзенем ляльцы на прагулку?»

Мэта:замацоўваць лексіку без нагляд­най падказкі па тэме: «Адзенне. Абутак».

Змест. Выхавацель называе некалькі відаў адзення і абутку і прапануе дзецям выбраць адзін адказ. Сутнасць гульні ў тым, што кожнае дзіця можа назваць тое слова, якое яно помніць

«Чым пачастуем гасцей?»

Мэта: узнаўляць словы з нагямднай падказкай па тэме: «Садавіна. агародніна».

Змест: Выхавацель называе некалькі відаў садавіны і агародніны і прапануе дзецям выбраць адзін адказ. Але трэба, каб дзеці не механічна адказвалі, а матывавана выбіралі адказ, як у рэальнай жыццёвай сітуацыі. Кожны раз выхава­цель паказвае адпаведныя малюнкі

«На чым паедзеш у госці?»

Мэта: узнаўляць словы з нагляднай падказкай па тэме: « Транспарт».

Змест. Выхавацель называе некалькі відаў транспарту і прапануе дзецям выбраць адзін адказ, але трэба, каб дзеці не механічна адказвалі, а матывавана выбіралі адказ, як у рэальнай жыццёвай сітуацыі. Кожны раз выха­вацель паказвае адпаведныя малюнкі

«Назаві колер»

Мэта: дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў па тэме: «Садавіна, ага- родніна».

Змест. Выхавацель кідае мяч аднаму з дзяцей iназывае садавіну альбо агародніну (яблык, агурок, бурак, сліва і г. д.),дзіця ловіць мяч, называе адпаведны колер (чырвоны, зялёны, чырвоны, сіняя і г. д.)і кідае мяч назад

«Адзін ці многа?»

Мэта: вучыць змяняць назоўнікі паліках.

Змест. Выхавацель называе словы ў адзіночным і множным лiку, а дзецi адказваюць, колькі прадметаў названа: адзін ці мнга. У якасці гульнёвага дзеяння можна выкарыстоўвацьперакіданне мяча

 

 

«Частаванне»

Мэта: вучыць утвараць патрэбную склонавую форму па аналогiiз узорам педагога.

Змест. Выхавацель запрашае дзяцей разгледзець малюнкі. На малюнках — відарысы жывёл з характэрнымi для іх пачастункамі: зайка з морквай, вавёрка з арэшкамі, сабака з косткай, карова з сенам і г.д. Выхавацель кажа: «Звяры хочуць пачаставаць нашых хлопчыкаў. Толькі не ведаюць, каму што даць. Паспрабуем ім дапамагчы». I складвае малюнкі ў стосік. Побач кладзе стосік з фотаздымкамі хлопчыкаў групы. Дзеці па чарзе падыходзяць да стала, кожны з іх выцягвае адзін малюнак і пачынае гаварыць: «Коцік дае рыбку... каму?». Выцягвае з другога стосіка фотаздымак і працягвае: «Сярожу». (Таксама можна выкарыстоўваць гульню ў «фанты».)

«Каму дадзiм значок?»

Мэта: фармiраваць арыентыроўкі ў деяннiўтварэння давальнага склону назоўнiкаўмужчынскага роду.

Змест. Выхавацель кажа, што сёння значкi будуць дарыцца толькі хлопчыкам. Пытаецца: «Каму ж дадзім першы значок?" (Мiшу дадзiм.)«Вось, Miша, твой значок. Яшчэ каму?» (ІІрацягвае значок аднаму з дзяцей.)«Так, Алёшу. Aзараз каму ?» I г.д.

«Што даўжэй, што танчэй?»

Мэты: выхоўваць ўвагу; фарміраваць навык параўнання прадметаў па даўжыні, таўшчыні; развіваць мову, успрыманне.

Змест. У працэсе чытання казкі «Верабей і былінка» дзецям прапануецца параўнаць па таўшчыні былінкі (папачкі рознай таўшчыні). Дзеці параўноўваюць і гавораць: «Гэтая былінка самая тоўстая, гэтая — танейшая, а гэтая — самая тонкая». Затым дзеці гэтак жа параўноўваюць па даўжыні вяроўкі, якімі павінны былі звязаць стральцоў. Яны знаходзяць самую доўгую, карацейшую і самую кароткую вяроўкі (шнуркі). Па заданню выхавацеля дзеці называюць доўгія і кароткія, тоўстыя і тонкія прадметы

«Калі гэта бывае?»

Мэты: замацоўваць веды пра часткiсутак; развіваць ўменне вызначаць часткі сутак і тлумачыць гэта з дапамогай слоў; развіваць лагічнае мысленне.

Змест. Кожнае дзіця атрымлівае некалькі картак (2-3) з выявамі частак сутак. Выхавацель прапаноўвае іх разгледзець. Затым ён называе частку сутак, напрыклад, вечар. Дзіця, у якога ёсць картка з відарысам, што адносіцца да гэтага часу сутак падымае яе і расказвае, чаму гэты відарыс адпавядае вячэрняму часу. За правільна падабраную картку і добрае тлумачэнне дзіця атрымлівае фішку. Фішкі афарбаваны: у ружовы колер — раніца, блакітны — дзень, шэры — вечар, у чорны — ноч. Карткiнеабходна падбіраць з добра знаёмымі эпізодамі з рознага часу сутак

«Хто ўвойдзе, няхай возьме»

Мэты: замацоўваць веды пра матэрыял, у якога зроблены прадмет; актывізіраваць слоўнікавы запас; развіваць звязную мову, уважлівасць, кемлівасць.

Змест. Дзецям прапануюць адшукаць у пакоі для гульні прадметы, зробленыя з дрэва, пластмасы, гумы і іншага матэрыялу.

Яны шукаюць прадмет, называюць яго, прыдумваюць і расказваюць пра яго невялічкае апавяданне, паведамляюць, з якога матэрыялу ён зроблены

«Параўнай»

Мэты: выхоўваць ўвагу; развіваці ўменне параўноўваць прадметы па даўжыні, шырыні; развіваць мову, успрыманне.

Змест. Выхавацель прапаноўвае дзецям параўнаць палоскі-«дарожкі» па якіх «ехала» муха-пяюха. Палоскі паперы даюцца рознай даўжыні і шырыні.

Па заданню выхавацеля дзеці знаходзяць самую кароткую палоску, самую доўгую, сярэднюю.Выкладваючы палоскі-«дарожкі» па даўжыні, дзецi гавораць: «Гэтая дарожка самая кароткая, гэтая — даўжэйшая, а гэтая - самая доўгая».

Гэтак жа дзеці параўноўваюць палоскі-«дарожкі» па шырыні. Затым знаходзяць і называюць прадметы доўгія, кароткія, шырокія і вузкія, якія загадзя былі принесены выхавацелем у групавы пакой

 

 


 

Гульневы фальклор. Кансультацыя.Падрыхтавала выхавацель Лузан М.У.

подробнее.../свернуть

Значэнне дзіцячага фальклору цяжка пераацаніць. Стагоддзямі назапашаны выхаваўча-педагагічны вопыт, адліты ў дасканалую мастацкую форму і выказаны паэтычным словам, спрадвеку выкарыстоўваўся ў выхаваўчых і дыдактычных мэтах. 3 гэтай творчасці пачынаецца знаёмства чалавека з народным мастацтвам ва ўсёй яго складанасці і шматграннасці, з дапамогай яе адбываецца сацыялізацыя кожнага новага пакалення, працягваецца пераемнасць народных традыцыйных форм мастацтва з пакалення ў пакаленне. Дзіцячы фальклор з'яўляецца першай школай мастацкага выхавання дзяцей, выхавання любві да свайго роднага, нацыянальнага, фарміравання чалавека — прадстаўніка пэўнага этнасу, пэўнай нацыі.

Калі мы гаворым або чуем — гульня, а тым болей дзіцячая гульня, мы адразу ўяўляем нешта бесклапотна-вясёлае, крыху несур'ёзнае, знаёмае са свайго далёкага дзяцінства або з паўсядзённага жыцця сучасных дзяцей. Для дарослых гульня — адпачынак ад сур'ёзных заняткаў (спартыўныя або разумовыя гульні), для дзяцей — гэта асноўная фарма дзейнасці, змест жыцця.

Паняцце гульні ў шырокім яго разуменні, праблема яе паходжання прыцягвала ўвагу не аднаго пакалення даследчыкаў. Вытокі гульні шукалі ў нсабходнасці вызваліць лішнюю энергію, тлумачылі ўласцівым дзецям інстынктам гулыі і, бачылі ў ёй сродак падрыхтоўкі дзіцяці да далейшага жыцця. Рабіліся нават спробы растлумачыць усю чалавечую культуру як гульню або як нешта, заснаванае на гульні. Можна прымаць ці не прымаць гэтыя тэорыі, але бясспрэчным застаецца сцверджанне аб вялікай ролі гульні ў жыцці чалавека, асабліва ў жыцці дзіцяці. Гульня абумоўлена працай чалавека, вызначаецца характарам яго сур'ёзнага занятку, з'яўляючыся сама па сабе штучным практыкаваннем сілы, кемлівасці, спрыту.

Вучоныя зусім справядліва схільны бачыць у дзяцінстве чалавека дзяцінства чалавецтва. Так і народныя дзіцячыя гульні дазваляюць нам зазірнуць у сівую старажытнасць, вытокі іх трэба шукаць у дзейнасці дарослых. Перанясёмся на хвілінку ў далёкія ад нас гады першабытнага грамадства. У цяжкай барацьбе, працы чалавек здабываў сабе ежу, адзенне. Ён хадзіў на паляванне, апрацоўваў зямлю. А ў вольны ад заняткаў час чым бавіў сябе і іншых? Ён зноў паўтараў тыя дзеянні, што і ў працы, толькі не з мэтай атрымаць тут жа пэўны вынік, а для ўласнага задавальнення, для трэніроўкі, перадачы вопыту. Гульня і ёсць такі спосаб дзейнасці, які не мае непасрэднай практычнай мэты, а прыносіць чалавеку радасць сама па сабе. Перайманне яе дзецьмі далучае іх да дзейнасді дарослых, падрыхтоўвае да сур'ёзных працоўных заняткаў.

Пры агульнасці многіх рысаў гульні розных народаў маюць спецыфічныя адрозненні, выкліканыя ўмовамі жыцця і працы. Гульні эскімоскіх дзяцей адрозніваюцца ад гульняў рускіх, афрыканскія дзеці маюць свае гульні, не падобныя на беларускія. Існуе вялікае мноства беларускіх народных дзіцячых гульняў. Як наогул гульні ўсходніх славян, яны звязаны з земляробчай дзейнасцю чалавека, бытам і жыццем сялянства, з навакольнай прыродай. Аб гэтым сведчаць і самі іх назвы: «Коршун», «Ваўкі і авечкі», «Заінька», «Воўк і гусі». Многія гулыні заснаваны на перайманні рухаў, дзеянняў пры пэўных сельскагаспадарчых работах: «Проса», «Мак і інш. Некалі яны мелі магічныя, культавыя функцыі, якія з цягам часу страчваліся, у выніку гульні перайшлі цалкам у дзіцячае асяроддзе.

Незалежна ад зместу, характару гульні выконваюць важную ролю як сродак фізічнага, эстэтычнага, інтэлектуальнага выхавання дзяцей. Ужо першыя прымітыўныя гульні, якія пачынаюцца ў калыскавы перыяд, выяўляюць фізіялагічныя і эмацыянальныя патрэбы і імкненні немаўляці, а таму аказваюць вялікі ўплыў на станаўленне чалавека як асобы, на яго сталенне. Калектыўныя гульні падрослых дзяцей набываюць характар грамадскага з'явішча і адыгрываюць вялікую ролю ў сацыялагізацыі чалавека.

Функцыя гульняў у розныя часы мяняецца, як мяняецца і іх тэматыка. Традыцыйныя народныя гульні, звязаныя з гаспадарчымі справамі, жыццёвымі адносінамі паміж людзьмі ў пэўныя перыяды, зараз маюць значэнне не столькі для выхавання адпаведных навыкаў і засваення нормаў паводзін у пэўных сітуацыях, колькі пазнавальнае. Яны садзейнічаюць выхаванню такіх рысаў у характары чалавека, якія не трацяць каштоўнасці ў любы час. Скажам, усім вядомая простая гульня ў хованкі, якая некалі мела вельмі сур'ёзную мэту — навучыць дзіця імгненна схавацца пры першай небяспецы, схавацца ад драпежніка ці ворага, сведчыць пра ўмовы жыцця старажытных людзей, а ў сучасных дзяцей развівае назіральнасць, кемлівасць, хуткасць рэакцыі — якасці, заўсёды прыдатныя ў жыцці.

Цяжка пераацаніць значэнне ролевых гульняў, якія называлі таксама сімвалічнымі. У іх спалучаюцца драматызацыя, песеннасць, паэтычнае аздабленне з пластыкай і спартыўнасцю. Такія гулыні-прадстаўленні разыгрываюцца па ўсіх правілах драматычнага мастацтва, толькі, падобна народным дзействам абрадавага характару (Купалле, вяселле і г. д.), самі выканаўцы з'яўляюцца адначасова і гледачамі. Ролевыя гульні не выходзяць з агульнага рэчышча дзіцячага фальклору, у іх дзейнічаюць прадстаўнікі жывёлыіага свету, яны звязаны з прыродай, бытам беларускай вёскі («Гусі», «Пастух і авечкі», «Пячэнне хлеба» і інш.). Яны дапамагаюць дзецям успрымаць мастацкае слова ў сувязі з сітуацыйнымі дзеяннямі, развіваюць фантазію, даюць прастор для творчай ініцыятывы.

Гульням папярэднічае выбар галоўнага распараджальніка, падзел на партыі, што робіцца пры дапамозе жараб'ёвых згавораў і лічылак. Гэта своеасаблівая прэлюдыя гульні. Лічылкі — невялікія вершаваныя, часцей за ўсё гумарыстычнага характару творы ў гульні маюць сілу закона. Яны прадухіляюць свавольства або злоўжыванне сілаю, становішчам. Маюць рацыю даследчыкі, якія бачаць у лічылках пачаткі прававых ведаў, бо сапраўды дзеці прывучаюцца паважаць закон, права, слова. Лічылкі спрыяюць выхаванню пачуцця справядлівасці. 3 паэтычнага боку лічылкі — жанр вельмі разнародны, дынамічны. Асабліва важна, што яны дзіцячыя і па спосабу выканання і па спосабу перадачы, у значнай ступені і па асяроддзю ўзнікнення. Лічылкі нароўні з гульнямі займаюць значнае месца ў дзіцячым жыцці менавіта таго перыяду, калі фарміруюцца сацыяльныя адносіны паміж самімі дзецьмі і самастойнасць арганізацыі ўласнага баўлення часу пачынае займаць пераважнае месца. Знаёмства з традыцыйнымі творамі гульнёвага фальклору ўводзіць кожнае новае пакаленне не толькі ў стыхію народнага мастацкага жыцця, але і выхоўвае погляды на свет, этычныя і маральныя правілы, выпрацаваныя нацыяй і ўсвядомленыя ёю як неабходнасць пры фарміраванні нацыяналынага характару. Як і ўсе жанры фальклору, гулынёвы фальклор з'яўляецца надзейным захавальнікам роднай мовы, а засваенне яе ў працэсе гульні — самы хуткі і цікавы для дзяцей шлях.

 Раз, два, тры, чатыры,

Пяць, шэсць, сем, восем,

Выйшла баба з доўгім носам,

А за бабай сівы дзед,

Колькі дзеду таму лет?

 ***

Раз, два — рукава,

Тры, чатыры — нос ў чарніле,

Пяць, шэсць — кашу есць,

Сем, восем — сена косім,

Дзевяць, дзесяць — Мішу просім.

 ***

Раз, два — кружава,

Тры, чатыры — пачапілі,

Пяць, шэсць — кашу есць,

Сем, восем — сена косім,

Дзевяць, дзесяць — грошы весіць.

Грош згубілі, два знайшлі —

У карчму усе пайшлі:

Чай п'юць, кружкі б'юць,

На стол грошыкі кладуць.

 ***

Раз, два — булдава,

Тры, чатыры — пачапілі,

Пяць, шэсць — недзе сесць,

Сем, восем — сена косім,

Дзевяць, дзесяць — сена весіць.

 ***

Раз, два, тры, чатыры,

Кошку грамаце вучылі:

Не чытаць, не пісаць,

А за мышкамі скакаць.

***

 Раз, два, тры, чатыры,

Мяне грамаце вучылі:

Не чытаць, не пісаць,

Толькі ў поплясы скакаць.

Я скакала, я скакала,

Сабе ножку я зламала.

 ***

 Раз, два, тры, чатыры,

Мы стаялі на кварціры,

Чай пілі, кружкі білі,

Па капейцы заплацілі.

Адам, Сцяпан, падай стакан!

Падай лімон — убіірайся вон!

 ***

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Выйшаў зайчык пагуляць,

А за зайцам — шэры воўк,

Воўк у зайцах знае толк.

 ***

 Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Выйшаў зайчык пагуляць.

А за зайчыкам луна,

Просіць выйсці калдуна.

 ***

 Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Выйшаў зайчык пагуляць.

Трох ахотнічкаў напала,

Майго зайчыка злапала.

Піф-паф, о-ё-ёй,

Памірае зайчык мой.

Прыняслі яго дамой,

Паглядзелі — ён жывой.

Раз, два, тры, чатыры,

Пяць, шэсць, сем, восем,

Мы цябе, стукач, папросім.

***

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Выйшаў месяц пагуляць,

А за месяцам луна —

Аставайся ты адна.

 ***

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць,

Выплыў белы месяц,

А за месяцам луна,

Хлопчык дзеўчыны слуга.

— Ты, слуга, падай карэту,

А я сяду і паеду.

Ты, слуга, падай лімон,

А я свісну, а ты — вон!

 ***

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць,

Выплывае белы месяц,

А за месяцам луна,

Выйшла дзевіца-слуга.

— Ты, слуга, падай карэту,

А я сяду і паеду,

Ты, слуга, падай мятлу,

А я хату падмяту.

 ***

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць,

Цар вялеў мяне павесіць.

А нядоўга я вісеў:

Вецер дунуў — я зляцеў

***

Сем семярэй

I сямёра свіней.

Свінка і свінчын брат

I сямёра парасят.

 ***

Бег сабачка цераз мост,

Чатыры лапы, пяты — хвост.

 ***

Я сядзеў, чытаў газету,

Нехта выпусціў ракету.

Раз, два, тры —

Гэта, верна, будзеш ты.

***

Дружэньчыкі,

Бярвеньчыкі.

Я шышаў,

А ты выйшаў.

Ехаў мужык па дарозе,

Зламаў кола на парозе.

Колькі патрэбна гваздзей,

Кажы хутчэй!

 ***

Ехаў мужык па дарозе,

Зламалася калясо ў возе.

Колькі трэба спіц,

Каб калясо пачыніць?

***

Едзе брычка, званок звоне,

Выйшла пані лічыць коні:

—   Раз, два, тры,

Выйдзі, малы, ты.

***

Стаяла машына

Каля канторы,

Номер дзевяты —

Выйдзі, пузаты.

 ***

Ані-бані, што пад вамі,

Пад жалезнымі стаўбамі?

Унчык-бунчык, сам гарбунчык,

Серабраны крэст.

 ***

Ані-бані, што пад намі,

Пад жалезнымі стаўпамі?

Сіта, пліта, квас,

Адыйдзі, дурак, ад нас.

 Ані, Вані,

Што пад вамі,

Пад жалезнымі стаўбамі?

Цып, бразь,

Выйдзі, князь.

 ***

Нітачка, голачка,

Сіня сцяколачка,

Рыба карась,

А ты убірайсь!

 ***

Нітачка, іголачка,

Ці-ці-ці,

Уляці.

 ***

Стакан, лімон,

Выйдзі вон!

Стакан вады,

Выйдзі ты!

 ***

Бегла курка па таку,

Па зялёным табаку,

Ела сахар і мядок,

Адчапіся, каралёк.

 ***

Ходзе бусел па балоту,

Заве чарцей на работу —

Дзевяць!

 ***

Хадзіў бусел па балоту,

Ён шукаў сабе работу.

Шукаў, шукаў, не знайшоў

I заплакаў дый пайшоў.

 

Пайшла курка у аптэку,

Закрычала: «Кукарэку!

Дайце пудры і духоў

На падманку петухоў».

 ***

Ехала жаба на драбіне

I зляцела прама ў свінні.

— Ой, не ешце мяне, свінні,

Бо я ваша гаспадыня.

 ***

Ішоў Ціхан па масту,

Праваліўся у ваду.

Бульк!

 ***

Чыкенчыкі, пікенчыкі,

Ляцелі галубенчыкі.

Чыкін, пікін,

Пальчык выкінь.

 ***

Эні-бэні, лікі-факі,

Торба, горба, сенцябракі,

Дэус-дэус, касмадэус,

Бац!

 ***

Эны-бэны, дыкі-пакі,

Арба, торба, энцы, смакі,

Эвус, дэвус, касматэвус,

Старой бабе ў запек спаць.

 ***

Эні-бэні, тры канторы,

Сахар, махар, памідоры,

Ас, бас, кіслы квас,

Выбірайея, чорт, ад нас.

 Анцы, цванцы,

Трычы, рычы,

Эны, бэны,

Мэны, вэк!

 ***

І з падпечка

Тры дашчэчкі

Хлоп!

***

Ляцела кукушка міма саду,

Наплявала на расаду

I крычала: — Ку-ку, мак,

Прынімай адзін кулак.

 ***

Ішла кошка па раялі,

Наступіла на педалі

I запела: —До, рэ, мі,

Фа, соль, ля, сі,

Што украла — прынясі.

—   Я украла каўбасу,

Заўтра рана прынясу.

 ***

Выйшла курыца з-пад сеці,

А за ёю — злыя дзеці.

Кох-кох, адзін здох.

 Шла квактуха міма сеці,

Сама села на павеці.

Кох-кох-кох,

Адзін цыплёнак здох.

***

Выйшаў месяц із тумана,

Выняў ножык із кармана:

— Стану рэзаць, стану біць,

3 кім астанешся дружыць?

***

Кацілася торба

3 высокага горба.

Аў той торбе

Хлеб, пшаніца.

3 кім жадаеш

Ты дзяліцца?

 ***

Кацілася торба

3 высокага горба,

У гэтай торбе

Хлеб і рыс,

3 кім ты хочаш,

3 тым дзялісь.

***

Цынцы-брынцы, балалайка,

Цынцы-брыпцы, наіграй-ка.

 ***

Цынцы-брынцы, не хачу,

Цынцы-брынцы, спаць хачу.

Цынцы-брынцы, хто стучыць?

Цынцы-брынцы, дзевачка.

Цынцы-брынцы, як завуць?

Цынцы-брынцы, Евачка.

Цынцы-брынцы, два кальца

Выстругалі малайца,

На святой нядзельцы

Здзелалі кацельцы,

Кацельцы упалі,

На кузню сказалі.

Кузня божыцца: — Не я,

Балалаечка мая.

Балалаечка-гудок,

Разваліўся мой дамок.

 ***

Аты-баты, шлі салдаты,

Аты-баты, на базар,

Аты-баты, што купілі?

Аты-баты, самавар.

Аты-баты, колькі стоіць?

Аты-баты, тры рубля.

Аты-баты, хто выходзіць?

Аты-баты, гэта я.

 ***

Пятро, Пятро,

Падай вядро.

Карове піць —

Табе жмурыць.

 ***

Ляцеў воран

У трубу чорну.

Дым валіць —

Табе жмурыць.

 ***

Жыў-быў цар,

У цара быў сад,

У саду быў пруд,

У пруду быў рак,

А хто слухае —

Той дурак.

 ***

Бочка-грэчка,

Выкінь чалавечка.

 ***

Эні, бэні, тры капторы,

Мы спаймалі ў лесе вора,

Сталі думаць і гадаць,

Як нам вора пакараць.

Мы звязалі рукі, ногі

I пусцілі па дароге.

Хто ні едзе, хто ні йдзе,

Па капеечцы кладзе.

Нам капеечка не нада,

Зажмурыцца вору нада.

 ***

На стале ляжала міна,

Па-нямецку гаварыла:

—   Энік, бэнік, шмык,

Выйдзі, маленькі мужык.

 ***

За сцяклянымі дзвярамі

Стаіць Мішка з пірагамі.

—   Здраствуй, Мішанька, дружок,

Колькі стоіць піражок?

—   Тры капейкі з палавінай,

Ухадзі, дурак, з дубінай.

 ***

 Ішла дзевачка па рынку,

Наступіла на карзінку.

У той карзіначцы табак,

Хто закурыць, той дурак.

 ***

Ішоў баран па бару,

Ірваў капусту, лебяду.

Што сарве, то у пучок,

Выйдзі вон, дурачок.

 ***

Бег сабачка-галашыйка,

У яго борачка на шыйке.

То не борка — ланцужок,

Выйдзі, міленькі дружок.

 ***

Ішоў баран

Па крутым гарам,

Вырваў траўку,

Палажыў на лаўку.

Хто яе возьмець,

Той вон пойдзець.

***

Бег зай па бару,

Абіраў лебяду.

Рваў, клаў у пучок,

Выбірайся, ваўчок.

 ***

Чэрці ў возеры купалісь,

Чэрці рожкамі штурхалісь,

Чорт чарцёнка штурхануў

Iчарцёнак патануў.

 ***

Дзядзя Коля — велікан,

Уваліўся у стакан.

У стакане малако,

Дзядзя Коля ко-ко-ко.

 ***

Ехаў жаўнер із бальніцы,

Знайшоў белы рукавіцы.

Думаў, думаў, куды дзеці —

Лепш на ручаньку надзеці.

 ***

Рэльсы гнуцца, рэльсы гнуцца,

Пад мастом паны дзяруцца,

Адзін маленькі панок

Удзіраець без парток.

А назаўтра рыбакі

Прывязлі яму парткі.

Ен спасіба не сказаў,

Толькі кнігу паказаў.

 ***

Апанас, Апанас!

Твая жонка у нас

Увалілась у квас—

Лаві сем год нас!

***

Кінь, кінь, перакінь,

Давай далей пабяжым,

Цераз воду і агонь,

Не дагоніць нас і конь.

 ***

Петушок, петушок,

Залаты грабянёк!

На саломцы спаў,

Рана ён устаў,

Па вадзічку пайшоў,

Маладзічку знайшоў.

Маладзічка дабра

Яму штонікі дала.

Ен і тыя не знасіў

I другія папрасіў.

 ***

Тарана, тарана,

Купіў бацька барана,

Да не скобленага,

Да не доенага.

Матка даіла,

Даёнку пабіла.

 ***

Хто не ўмеець гараць,

Таму хлеба не даць,

Ні капусты, ні бацвінні —

Хай пасець у полі свінні.

Яму свінні дакучылі,

Хутка гараць навучылі.

***

Кацілась каляска

Па сінім масту,

Мост праваліўся,

Каляска —ў ваду.

Не жалка каляскі,

Не жалка маста,

А жалка царэўны:

Яна малада.

Агурэчак, агурэчак,

Ты не йдзі на той канечак:

Там бабкі жывуць,

Табе хвосцік адарвуць.

 ***

Стакан, лімон —

Выйдзі вон.

Стакан заваркі —

Выходзь без сваркі.

 ***

Рагадан, рагадан,

На чатыры загадан.

Кацярынін нос

На пятнаццаць вёрст.

Шалдэ-балдэ,

Бушмак барада,

Выйдзі вон з гарада.

Турмас!

 ***

Саломіна-яломіна,

Берасцень-пасвісцень.

Радзівон, выйдзі вон!

 ***

Ходзіць кошка

Ля вакошка,

Маніць дзетак

Каля клетак:

—   Ах вы, дзеткі,

Многа вас,

Сіня шапка,

Прэч ад нас!

***

Ішоў кот праз сто. варот,

Дайшоў да канца,

Знайшоў кацяня.

Мяў!

Круціцеся, жорны,

З'едзен хлеб наш чорны:

Крысін і Марысін,

Грунін і Анісін,

З'едзен і Пятроў хлябок.

Намялі для іх, дзядок.

 ***

Курыца-квактуха

Вадзіла дзяцей

Каля кляцей.

Квох — сесці

На красным месці,

Яечка знесці

 ***

—   Заяц-месяц,

Дзе ты быў?

— У лесе.

— Што рабіў?

— Лыкі драў.

— Куды клаў?

— Пад калоду.

—   Выйдзі вон із карагоду!

 ***

Беглі коні пад мастамі

3 залатымі капытамі.

Дзінь-бразь,

Выйдзі, князь!

 ***

Эна, бэна, рэсь,

Кэнтар, мэнтар, жэсь.

Эна, бэна, раба,

Кэнтар, мэнтар, жаба.

 ***

 Раз, два, тры, чатыры, пяць —

Я іду шукаць.

Хто перада мной стаіць,

Той ў агне гарыць.

Раз, два, тры —

Гэта, верна, будзеш ты.

 ***

Анцы-цванцы,

Трынцы-ярынцы,

Пятым-ладым,  

Шуктым-буктым,

Дэвір-дэкс!

 ***

Шэры зайка

Вырваў траўку,

Палажыў яе на лаўку.

Хто траўку возьме,

Той вон пойдзе.

 ***

Я куплю сабе дуду,

Я на вуліцу пайду.

Гучней, дудачка, гудзі!

Мы гуляем - ты вадзі!

 ***

У лес дрымучы я пайду,

Зайца шэрага знайду,

Прынясу яго дамоў,

Будзе гэты зайчык мой.

***

За марамі, за гарамі,

За жалезнымі слупамі

На прыгорку церамок,

На дзвярах вісіць замок,

Ты за ключыкам ідзі

І замочак адамкні.

Раз, два, тры, чатыры, пяць

-Выйшаў зайчык пагуляць.

Што рабіць нам? Як нам быць?

Трэба зайчыка злавіць.

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Пойдзеш ты яго шукаць.

 ***

Кады - бады,

Налей вады,

Карове піць,

Табе вадзіць.

 


 

Змест адукацыйнай вобласці: РАЗВIЦЦЁ МАЎЛЕННЯ І КУЛЬТУРА МАЎЛЕНЧЫХ ЗНОСIН. Вытрымкі з вучэбнай праграмы дашкольнага выхавання. Старэйшы  ўзрост.

подробнее.../свернуть

СТАРЭЙШЫ ЎЗРОСТ

Образовательная область: РАЗВИТИЕ РЕЧИ И КУЛЬТУРА РЕЧЕВОГО ОБЩЕНИЯ. РАЗВIЦЦЁ МАЎЛЕННЯ I КУЛЬТУРА МАЎЛЕНЧЫХ ЗНОСIН.

Мэта: фармiраванне ўстойлiвай цiкавасцi i станоўчых адносiн да беларускай мовы, жадання авалодаць ёю.

Задачы развiцця выхаванца ў дзейнасцi:

далучаць дашкольнiкаў да багацця беларускай мовы, фармiраваць каштоўнасныя адносiны да яе;

стымуляваць зносiны на беларускай мове;

развiваць пазнавальныя i моўныя здольнасцi, назiральнасць адносна моўных з'яў, навыкi маўленчага самакантролю;

звяртаць увагу на моўныя асаблiвасцi беларускай мовы ў параўнаннi з рускай;

развiваць навыкi разумення беларускай мовы, уменне адказваць на пытаннi выхавальнiка;

заахвочваць дзяцей да самастойных выказванняў на беларускай мове.

Слоўнiк

Узбагачэнне беларускага слоўнiка дзяцей словамi - назвамi акаляючых прадметаў: назвамi цацак, вучэбных прылад (аловак, пэндзаль, сшытак), посуду, мэблi, адзення, хатнiх рэчаў (гадзiннiк, дыван, канапа), жывёл (вавёрка, трус, матылёк), садавiны i гароднiны (цыбуля, бульба); колераў (ружовы, блакiтны), якасцей (прыгожы, дужы, смачны, добры, дрэнны); дзеянняў (глядзець, бачыць, сустракаць, расцi).

Разуменне слоў рускай i беларускай моў, якiя супадаюць або падобныя па вымаўленнi, але маюць рознае лексiчнае значэнне (неделя - нядзеля, диван - дыван i да т.п.).

Разуменне i ўжыванне абагульняльных слоў.

Ужыванне традыцыйных беларускiх формаў iмёнаў (Алесь, Уладзя, Ян, Янка, Таццянка, Кастусь, Аленка).

Ужыванне формаў ветлiвасцi на беларускай мове.

Граматычны лад маўлення

 Разуменне маўленчых выказванняў рознай граматычнай структуры, чуццё да граматычнай правiльнасцi маўлення на беларускай мове.

Некаторыя асаблiвасцi граматычнага ладу беларускага маўлення: адзiночны i множны лiк асобных назоўнiкаў (садавiна, агароднiна, крупы, дзверы); дапасаванне прыметнiкаў да некаторых назоўнiкаў (доўгi цень, белае казляня, вясёлы гармонiк); утварэнне некаторых склонавых формаў назоўнiкаў (бераг - на беразе, гарох - у гаросе, па палях, па лясах); прыналежных прыметнiкаў (ляльчын, татаў, Алесеў, цётчын); параўнальнай (вышэйшы за, лепшы за) i найвышэйшай формаў прыметнiкаў (вышэйшы за ўсiх, найпрыгажэйшы); прыслоўяў (уранку, узiмку).

Спосабы ўтварэння назваў маладых iстот (мышаня, тыграня, жарабя), назоўнiкаў са значэннем адзiнкавасцi (бульба - бульбiна, морква - морквiна).

Ужыванне новых слоў у розных фразавых канструкцыях.

Фармуляванне пытанняў з дапамогай часцiц цi, хiба, ужыванне ў мове прыназоўнiкаў, словазлучэнняў з прыназоўнiкамi у, да (у лес, да сябра), злучнiка але.

Спецыфiчна беларускiя марфолага-сiнтаксiчныя звароты (балiць каму, хварэць на што, хадзiць у грыбы, у ягады, дзякаваць каму, смяяцца з каго i iнш.).

Гукавая культура маўлення

 Правiльнае вымаўленне спецыфiчна беларускiх гукаў: [дж], [дз'], [ц'].

Правiльнае вымаўленне фрыкатыўных [г], [г']; заўсёды цвёрдых гукаў [ч], [р], гукаспалучэння шч iзалявана (у гукапераймальных словах), у словах i фразах; гука [ў] у словах i фразах.

Правiльнае вымаўленне слоў з падоўжанымi зычнымi ў словах (калоссе, варэнне); выразнае вымаўленне ненацiскных галосных.

Правiльнае вымаўленне рускiх i беларускiх слоў, падобных па гучаннi (зверек - звярок, ночь - ноч i да т.п.).

Звязнае маўленне

 Слуханне i разуменне беларускага маўлення, мастацкiх твораў на беларускай мове - як празаiчных, так i вершаваных; слуханне i разуменне мовы выхавальнiка, адказы на яго пытаннi.

Пераказ кароткiх казак i апавяданняў - як знаёмых, так i ўпершыню прачытаных.

Непадрыхтаванае звязнае маўленне (апiсанне сiтуацыi, вырашэнне пэўнай камунiкатыўнай задачы - просьба, распавяданне, тлумачэнне i г.д.).

Стварэнне выказванняў, самастойных па задуме i моўным афармленнi.


 

Змест адукацыйнай вобласці: РАЗВIЦЦЁ МАЎЛЕННЯ I КУЛЬТУРА МАЎЛЕНЧЫХ ЗНОСIН. Вытрымкі з вучэбнай праграмы дашкольнага выхавання. Сярэдні узрост.

подробнее.../свернуть

СЯРЭДНЯЯ ГРУПА

Мэта: фармiраванне ўстойлiвай цiкавасцi i станоўчых адносiн да нацыянальнай мовы, жадання авалодаць беларускай мовай; выхаванне асноў нацыянальнага светапогляду.

Задачы развiцця выхаванца ў дзейнасцi:

садзейнiчаць адрозненню дзецьмi беларускага i рускага маўлення;

пабуджаць да ўзнаўлення кароткiх лiтаратурных твораў на беларускай мове, да разыгрывання iх;

развiваць элементарныя навыкi зносiн на беларускай мове.

Слоўнiк

 Узбагачэнне беларускага слоўнiка дзяцей словамi - назвамi прадметаў асяроддзя, iх якасцей, дзеянняў.

Разуменне i ўжыванне абагульняльных слоў (цацкi, посуд, адзенне, мэбля).

Засваенне формаў ветлiвасцi (добрай ранiцы, добры дзень, добры вечар, дабранач, да пабачэння, дзякуй, калi ласка, смачна есцi, прабач).

Граматычны лад маўлення

 Засваенне некаторых асаблiвасцей граматычнага ладу беларускага маўлення: множнага лiку назоўнiкаў (дамы, лясы, вокны); роднага склону назоўнiкаў (санак, лыжак, лялек); меснага склону назоўнiкаў (на назе, у руцэ, на двары); давальнага склону назоўнiкаў (дапамагчы Аленцы, дапамагчы Янку); загаднага ладу дзеясловаў (мый, сядай, пi, паскачы); формаў 3-й асобы адзiночнага i множнага лiку дзеясловаў (iдзе, пiша, малюе, варыць, гуляюць, хочуць); асаблiвасцей роду некаторых назоўнiкаў (смачны яблык, калматы сабака).

Разуменне i ўменне суадносiць з малюнкамi назвы жывёл i iх дзiцянят (кошка - кацяня, качка - качаня, лiса - лiсяня).

Гукавая культура маўлення

 Правiльнае вымаўленне спецыфiчна беларускiх гукаў: фрыкатыўных [г], [г']; заўсёды цвёрдых гукаў [ч], [р] iзалявана (у гукапераймальных словах), у словах i фразах; гука ў у словах i фразах.

Дыферэнцыяцыя ў вымаўленнi i на слых слоў, падобных у рускай i беларускай мовах (дети - дзецi, ложка - лыжка, река - рака, уши - вушы i да т.п.).

Звязнае маўленне

 Слуханне i разуменне мовы выхавальнiка, адказы на яго пытаннi.

Праслухоўванне беларускiх народных забаўлянак, казак, твораў беларускiх пiсьменнiкаў для дзяцей; адказы на пытаннi па iх змесце.

Адказы на пытаннi па змесце карцiн i пры апiсаннi цацак.

Стварэнне выказванняў, самастойных па задуме i моўным афармленнi.

Садзейнiчанне станаўленню рэпрадуктыўнага маўлення дзяцей на беларускай мове.


 

Правапіс галосных «Э», «Е»

подробнее.../свернуть

Літара "э" пішацца:

  •  у пачатку выклічнікаў э, эге, эге-ге, эй, эх; ), а таксама ў выклічніках гэ, гэй і назвах літар (бэ, вэ і пад.);
  •  пасля прыстаўнога г у слове гэты і вытворных ад яго (дагэтуль);
  •  пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц]: жэрдка, жэмчуг, шэры, нашэсце, чэрствы, чэк, нараджэнне, абуджэнне, рэкі, рэзаць, халадэча, сардэчны, пустэча, мястэчка, цэны, у руцэ.

 

 

Літара "э"  ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем.

 

Так, словы капэла, пэйджар, сурвэтка, экзэмпляр, маянэз, тунэль, сэрвіс, пішуцца з э, а медаль, нерв, менеджар, парламент, перспектыва, газета, сервіз – з літарай е.

 

У словах іншамоўнага паходжання літары "э", "е" як пад націскам, так і не пад націскам пішуцца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем:

  •  у пачатку слова: эра, эсэ, эўрыка, эпас, этыка, Эўклід, Эўрыпід, Эліста; але егер, ерась, ерэтык, Еўропа, еўрапейскі, Еўпаторыя, еўпатарыйскі, Ерэван, ерэванец, Еўфрат;
  •  у канцы нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ, рэзюмэ, рэнамэ, кафэ, галіфэ, кашнэ, кабернэ, фрыкасэ, плісэ, каратэ, дэкальтэ; Струвэ, Мерымэ, Эйвэ, Хасэ, Морзэ, Табідзэ, Брыгвадзэ, Каба-Вэрдэ, Душанбэ, Сан-Тамэ, але: камюніке, сальта-мартале, філе, піке.

 


 

Змены ў беларускім правапісе ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (ад 23 ліпеня 2008г.)

подробнее.../свернуть

СТАРАЯ РЭДАКЦЫЯ

НОВАЯ РЭДАКЦЫЯ

Аканне ў ненаціскных фіналях –эр,-эль запазычанняў

Пісалася без аканняальма-матэр, бартэр, дэкодэр, капм’ютэр, карцэр, кіндэр-сюрпрыз, лідэр, менеджэр і менэджэр, містэр, прэсвітэр, шніцэль, шпатэль, унтэр, унтэр-афіцэр.

Ўводзіцца аканнеальма-матар, бартар, дэкодар, капм’ютар, карцар, кіндар-сюрпрыз, лідар, менеджар, містар, прэсвітар, шніцаль, шпаталь.

Не ўводзіцца аканнеунтэр, унтэр-афіцэр, Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр.

Замацаванне акання ў арэвіятурах савецкага часу і ўвядзенне акання ў іншых запазычаных скарачэннях

Абком, ваенком, гарком, прафком, лінкор, селькор і інтэрпол

 абкам, ваенкам, гаркам, прафкам, лінкар, селькар і інтэрпал

 

Анканне на канцы запазычаных слоў

Пісалася без аканняВатэрлоо, Рыо-Грандэ, Рыо-дэ-Жанэйра, Токіо, адажыо, імпрэсарыо, радэо, сальфеджыо, трыо

Ўводзіцца аканне: Ватэрлоа, Рыа-Грандэ, Рыа-дэ-Жанэйра, Токіа, адажыа, імпрэсарыа, радэа, сальфеджыа, трыа

Яканне ў лічэбніках і ў запазычанных словах

Дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць, пяцьдзесят і інш.;

Аўдыекасета, плеяда

Дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць, пяцьдзясят і інш.;

Аўдыякасета, пляяда

Спалучэнне “ /й/ + галосны”

Перадавалася рознымі спосабамі: іог і ёг, Айунскі, Іофе, Нью-Йорк, нью-йоркскі, Іакагама і Йакагама, Іашкар-Ала і Йашкар-Ала; папайя, паранойя, піар-ход, секвойя.

Будзе наступным спосабам:  ёг, Аюнскі, Ёфе, Нью-Ёрк, нью-ёркскі; Іакагама, Іашкар-Ала,папая, параноя, піяр-ход, секвоя

Напісанне е-э ў запазычанных словах

Пісалася праз “е”  або праз “э”інтэрнет і інтэрнэт, ксінтэсенцыя, рэзюмэ і рэзюме, сервіс і сэрвіс, экземпляр і экзэмпляр, Душанбе і Душанбэ, Морзэ і Морзе, Рыа-дэ-Жанейра, грузінскія прозвішча на –дзе: Шэварнадзе, Леанідзе, менеджэр, і менэджэр, менеджмент і менэджмент, Каба-Вердэ і Каба-Вэрдэ.

Уводзіцца напісанне прах э:інтэрнэт э, ксінтэсэнцыя, рэзюмэ, сэрвіс, экзэмпляр, Душанбэ, Морзэ, Рыа-дэ-Жанэйра, грузінскія прозвішча на –дзе: Шэварнадзэ, Леанідзэ, Брыгвадзэ, Табідзэ

Увадзіцца напісанне праз е:менеджар, менеджмент, Каба-Вердэ

Напісанне д (дз)т (ц) у запазычанных словах

Пісалася цвёрда або мякка: Д’еп, і Дзьеп, Сан-Мартын і Сан-Марцін; арцішок і артышок, ятвяг.

Уводзіцца цвёрдае напісанне: Д’еп, Сан-Мартын

Уводзіцца мяккае напісанне:арцішок ятвяг. Але: твіст

 

Правапіс мяккага знака (у прыкметнніках, утвораных ад кітайскіх назваў)

Мяккасць адлюстроўвалася: чаньчуньскі, цяньшаньскі

Мяккасць не адлюстроўваецца:чань-чунскі, цянь-шанскі

Прыстаўны і ўстаўны в у запазычанныз словах

Вохра і охра, есаул

Вохра, есавул

Ненаціскны пачатковы у  ў спалучэннях галосных у запазычанных словах

У запазычанных словах у не “скарачвалася”:  для уніята, ва універсітэце

Уводзіцца скарачэнне у ў запазычанных словах:  для ўніята, ва ўніверсітэце

Ненаціскны у ў спадучэннях галосных у запазычанных словах

Было “нескарочанае” напісанне: раунд, сауна, фауна, каузуальнасць, клоун, лакаут

Было “скарочанае” напісанне: Дахаў

Уводзіцца “скарочанае” напісанне:раўнд, саўна, фаўна, каўзуальнасць, клоўн, лакаўт, Але: траур

Уводзіцца “нескарочанае” напісанне: Дахау

Фанетычнае напісанне збегу зычных стн як сн

Пісалася літара ткампостны, фарпостны, кантрастны, аванпостны, баластны

Уводзіцца напісанне без т: кампосны, фарпосны, кантрасны, аванпосны, баласны

Лібералізацыя правілаў пераносу

Дазвалялася пераносіць толькі:  птуш-ка, рас-крыць, двац-цаць, сол-лю

Дазваляецца пераносіць па-рознаму: пту-шка, птуш-ка, рас-крыць, ра-скрыць, раск-рыць; двац-цаць, два-ццаць; сол-лю, со-ллю

Іншыя змены

Ваенна-палявы; сэканоміць і зэканоміць; Чэлюскін;броўнаўскі і браўнаўскі (рух); цвердапаліўны; Вялікае княства Літоўскае

Ваеннапалявы; сэканоміць; Чалюскін; броўнаўскі (рух); цвёрдапаліўны; Вялікае Княства Літоўскае


 

Правапіс галосных "О", "Ё"

подробнее.../свернуть

Літара о пішацца толькі пад націскам:

год, кот, дапамога, дадаткова, жніво, дэпо, водар, Токіа, Ватэрлоа, партфоліа.

 

Літара ё пішацца ў складаных словах, першай часткай якіх з'яўляецца радыё: радыёстанцыя, радыёграма, радыёантэна.

 

Калі першая частка складанага слова ўтворана ад назвы хімічнага элемента радый, то пішацца літара е, якая з'яўляецца злучальнай галоснай:радыебіялогія, радыеактыўнасць, радыеметрычны, радыеізатоп і пад.

 

У першым складзе перад націскам у гэтым выпадку пішацца ярадыяметрыя, радыяхімія, радыялогія, радыяграфія.

 

Спалучэнні галосных іо пад націскам і іа не пад націскам у сярэдзіне слоў іншамоўнага паходжання перадаюцца як іё (ыё), ія (ыя): біялогія, сацыялогія, шпіянаж, аўдыявізуальны, варыяскапічны, варыяфільм, медыя, а таксама радыё;

 

Выключэнне: эфіоп, ніобій, ніобіевы, дыоптрыя, Іосіф, Іоў, Іона, Іасафат.

 

У слове дыета пішацца спалучэнне галосных ые.

На стыку прыстаўкі і кораня захоўваецца ыэ: дыэтан, дыэлектрык.

 

Літара ё пішацца толькі пад націскам: біёлаг, сацыёлаг, трыёд, шпіён, іён.

 

Выключэнне:Літара ё пішацца не пад націскам у словах з коранем ёд- і ёт-: ёдапірын, ётацыя, ётаванне


 

Сцэнарый фальклорнага свята ў старэйшай групе "Вясёлая масленіца"

подробнее.../свернуть

Сцэнарый фальклорнага свята ў старэйшай групе

Вясёлая масленіца

Мэта:  далучэнне выхаванцаўда нацыянальнай культуры, народнага свята.

Праграмныя задачы: працягваць знаёміць  дзяцей з народнымі святамі, з фальклорам, пашыраць слоўшнікавы запас, выхоўваць станоўчае стаўленне да святкавання Масленіцы.

Ход мерапрыемства

Паўлінка разгадвае крыжаванку. Дзед чытае газету каля яе.

Паўлінка. Па гарызанталі «вясёлае народнае свята». Першая літара «М». Што гэта за свята? (Задумваецца.) Дзядуля, ты не ведаеш?

Дзед. Паглядзі, унучка, можа падыдзе Масленіца?

Паўлінка. Зараз. Ой, як добра, дзядуля, ты адгадаў! А што гэта за свята з такой смачнай назваю?

Дзед. Гэта не толькі смачнае свята, але і вясёлае. Калі я быў малады, дык мы яго так добра і весела адзначалі! Гэта народнае свята праводзінаў зімы. У нас казалі: Зіма з вясною сустракаюцца, Пра здароўе адна адну пытаюцца.

Паўлінка. А чаму такая назва?

 Дзед. Круглы і гарачы блін – сімвал веснавога сонца. А якія смачныя блінцы былі: з маслам, смятанаю, мёдам! А пра Масленіцу яшчэ і такое спявалі: Мы на горцы пабывалі, Масленіцу сустракалі, Ай-люлі, пабывалі, Масленіцу сустракалі, Ай-люлі, сустракалі, Сырам гару набівалі, Маслам гару палівалі.

Гучыць музыка. У залу ўбягае страката апранутая Масленіца на трох конях (іх ролю выконваюць дзеці, абвешаныя стужкамі са званочкамі).

 Масленіца. О-го-го! Хто тут мяне клікаў?

 Дзед. Мы клікалі! Добры дзень, Масленіца дарагая, наша госця за- латая, на саначках размалёваных, на канях вараных. Павітаемся з ёю, дзеці.

Дзеці вітаюцца, пляскаюць у далоні.

 Масленіца. Добры дзень, дзеці! Даўно ўжо ніхто мяне не клікаў. Зараз я вам раскажу пра гэтае свята. Шмат гадоў таму ў канцы зімы рабілі чучала Масленіцы, апраналі на яго адзенне дзяўчыны і размаўлялі з ім, як з жывой істотай. Чучала называлі пані Масленіцай, спадарыняй Масленіцай. Казалі ёй такія словы: «Душа ты мая, Масленіца, цукровыя вусны, салодкая твая мова! Прыязджай да нас у госці на шырокі двор з горкі пакатацца, у блінах паваляцца, сэрцам павесяліцца». Потым ставілі на віднае месца і весяліліся.

Паўлінка. А як весяліліся? Масленіца. Пелі розныя песні, гойдаліся на арэлях, спаборнічалі паміж сабой у сіле, лоўкасці. Мужчыны качалі на вуліцы калоду, каб летам рос добры лён. І, вядома, частаваліся смачнымі блінамі з мёдам, маслам і рознымі іншымі прысмакамі. Я думаю, што і зараз атрымаюцца цікавыя спаборніцтвы, вось як многа прыйшло дзяцей на маё свята!

Дзед. Ну, тады пачнем. Давайце, дзеці, станавіцеся ў карагод, пра- спяваем вясеннюю песеньку «Мы сядзелі ля вакна» (В. Вітлін).

Спяваюць дзеці групы .

Дзед. А зараз, каб дзеці сталі хуткімі, спрытнымі, дужымі, трэба «паесці» блінцоў.

 Праводзіцца беларуская народная гульня «Блін гарыць!» (У.М. Краж, В.В. Трубчык «Беларускія народныя гульні», Мінск, 1993). Гуляюць дзеці групы .

Дзед. Раней быў такі цікавы звычай: унукі і ўнучкі запрагалі коней, саджалі сваю бабулю ў санкі і везлі частавацца блінамі. Давайце зараз пагуляем у такую гульню-эстафету «Хто хутчэй адвязе бабулю на бліны?».

Праводзяць гульню дзеці групы .

Масленіца. Малайчыны, рабяты! А яшчэ якія гульні дзядуляў і бабуляў вы ведаеце?

Дзед. Дзеці ведаюць гульню «Гарлачык».

Праводзіцца гульня «Гарлачык» з дзецьмі (У.М. Краж, В.В. Трубчык «Беларускія народныя гульні», Мінск, 1993).

Масленіца. Дзеці! На маё свята ўсе любяць катацца на арэлях. Лічыцца, чым вышэй узлятаюць арэлі, тым больш доўгі будзе лён. Давайце і мы пакатаемся!

 Наладжваецца гульня «Арэлі» .

 Дзед. На Масленіцу гулялі і дарослыя, і дзеці. Паглядзім, хто ў нас самы лоўкі з дарослых!

Праводзіцца беларуская народная гульня «Дзядуля-ражок». (У.М. Краж, В.В. Трубчык «Беларускія народныя гульні», Мінск, 1993.) Арганізоўваецца конкурс для дарослых «Намалюй сонейка» (трэба з заплюшчанымі вачыма намаляваць сонца). У гэты час дзецям раздаюцца сонейкі, зробленыя ў групе раней.

 Дзед. Дзеці, давайце падтрымаем дарослых, папляскаем у далоні і паразглядаем малюнкі, намаляваныя дарослымі.

 Масленіца. Дзеці, ад мяне ў вас у руках запаліліся сонейкі, і яны нагадалі мне пра апошні дзень масленічнага тыдня, які называюць «дараваны тыдзень». Людзі просяць адно ў аднаго даравання за нанесеныя крыўды. Гэта вельмі добры старадаўні звычай, трэба пра яго памятаць. Давайце і мы абдымемся і папросім адно аднаго дараваць крыўды, не крыўдзіцца.

 Дзед. А калі я быў малы, пасля Масленіцы будзілі мядзведзя. Лічылася, як толькі мядзведзь прачнецца, дык і вясна пачнецца.

Праводзіцца гульня«У мядзведзя ў бары”.

Масленіца. Ну, калі ўжо і мядзведзь прачнуўся, пара мне развітвацца з вамі да наступнага года. А на развітанне хачу вас пачаставаць сваімі блінамі.

Дзед. А пахне як! Блінцамі! З маслам! Я бы ўплятаў бліны ды галавой матляў! Дзіва што! Кажуць жа, што на мазаны блін і кот па-іншаму глядзіць! А нашы дзеці песню «Бліны» (у апрацоўцы А. Абрамскага) ведаюць і зараз пра- спяваюць.

Дзеці спяваюць песню і перадаюць яе змест у рухах. Масленіца прапануе ўсім дзя цям прайсці ў групу частавацца блінамі.


 

                           

Наш адрес: г.Минск ул.Пономарева,13

Телефон  +375 17 266 57 01,  +375 17 286 80 05

Электронная почта ddu215@minsk.edu.by

Регистрационное свидетельство сайта № 1141001051 от 07.09.2010г